Творчы вечар перакладаў фрацузскай класікі

Творы французскай класікі ХІХ–ХХ стагоддзяў як у арыгінале, так і ў перакладах на беларускую, рускую мовы прагучалі ў сценах Мікола-Георгіеўскага храма 11 студзеня. Лепшыя вершы Поля Вэрлена, Гіёма Апалінэра, Жака Прэвэра, Мары Лорансэн, Жана-Баціста Клемана і некаторых іншых былі прачытаны ўдзельнікамі літаратурнага творчага аб’яднання “Рандэву з французскай паэзіяй”, якім кіруе вопытны выкладчык французскай мовы, прафесіянал навукова-творчай дзейнасці Наталля Сяржантава. На працягу усёй сваёй выкладчыцкай дзейнасці яна плённа працавала з таленавітымі людзьмі – студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава розных гадоў выпуску, многія з якіх і сабраліся адзначыць 25-гадовы юбілей літаратурнага аб’яднання, а таксама пазнаёміць вернікаў храма з творчасцю знакамітых мастакоў слова.

Паводле шчырых прызнанняў саміх выступоўцаў, асновай іх творчай дзейнасці з’яўляецца любоў да паэтычнай спадчыны, на якой бы мове яна ні гучала. А самым каштоўным у дзейнасці ўдзельнікаў клуба стала гарманічнае суіснаванне слоўных, зрокавых, гукавых вобразаў. Такая сінкрэтычнасць натуральная для мастацтва, яна дазваляе найпаўней успрымаць французскую паэзію, глыбока яе зразумець. А праз гэта спасцігаць непаўторна-прыгожае, што адкрывае паэзія кожнаму чалавеку. Творчыя сустрэчы спрыяюць духоўнаму судакрананню, напаўняюць дабратворнай энергіяй, становяцца чарговым штуршком для далейшага развіцця. Праз дух паэзіі варта імкнуцца да адкрыцця духоўнасці, што і з’яднала ўсіх удзельнікаў творчага вечара перакладаў французскай класікі.

Г. Навасельцава

Жак Превер - Барбара

   Отправить статью как PDF